Конкурс фатаграфіі дзікай прыроды «Залатая рысь» працягваецца!

 

Кожны дзень галерэя конкурсу папаўняецца новымі работамі ад прафесійных фатографаў, захопленых фотаздымкай аматараў і людзей, якіх натхняе прыгажосць і шматграннасць дзікай прыроды. З моманту старту праекта арганізатары атрымалі вялізную колькасць цікавых і ўнікальных фотаздымкаў. Усе іх аб’ядноўвае адна з галоўных задач – беражлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў. Найбольш яскравае таму пацверджанне – раздзел «Рэдкі від». Удзельнікі конкурсу здолелі адлюстраваць: сон, незвычайны венерын чаравічак, драпежніцу расянку, якая падманвае сваёй яркасцю, чорнага бусла і скапу.
Дзякуючы фотаработам, дасланым у раздзелы «Птушкі»  і «Дзікія жывёлы», вы адкрыеце для сябе новы свет: марскія коцікі на поўначы Расіі і пушыстая вавёрка ў мінскую вясну; арол на здымку, зробленым у Малайзіі; і сціплы верабей, якога лёгка знайсці на суседнім двары.
Немагчыма не адзначыць фатаграфіі ў намінацыях «Падводны свет» і «Макрасвет». Кожнае фота выклікае здзіўленне: няўжо ўсё гэта побач з намі, а не кадр з фантастычнага фільма?
Творчыя здольнасці і нестандартны падыход удзельнікаў конкурсу цалкам раскрывае «Арт-фота».
Чакаем новых работ і ў рубрыку «Дзіцячы позірк». Бо што можа быць больш цудоўным, чым убачыць свет вачыма дзіцяці?
Запрашаем да ўдзелу ўсіх жадаючых! Прыём работ на сайце конкурсу працягваецца да 30 верасня.