Выніковая фотавыстаўка і ўзнагароджанне пераможцаў Адкрытага нацыянальнага конкурсу фатаграфіі дзікай прыроды «Залатая рысь» пройдуць у Лошыцы

27 снежня ў музеі «Лошыцкая сядзіба» адбудуцца ўрачыстае адкрыццё выніковай фотавыстаўкі і ўзнагароджанне пераможцаў Адкрытага нацыянальнага конкурсу фатаграфіі дзікай прыроды «Залатая рысь» з міжнародным удзелам.

Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс з’яўляецца ўнікальным помнікам гісторыі і культуры XVIII-XIX стагоддзяў. Тут непарыўна звязаны архітэктура і ландшафт натуралістычнага парку, які сфарміраваўся за вякі. Археалагічныя раскопкі сведчаць аб тым, што пасяленні на тэрыторыі парку існавалі ўжо ў X-XI стст. Упершыню Лошыцкая сядзіба ўзгадваецца ў дакументах XVI стагоддзя. За сваю шматвекавую гісторыю маёнтак змяніў больш за дзесяць уладальнікаў, якія былі прадстаўнікамі вядомых шлехецкіх родаў: Талачынскіх, Друцкіх-Горскіх, Прушынскіх і Любанскіх. Перыядам росквіту Лошыцы лічыцца мяжа XIX-XX стст., калі ёю валодаў Яўстафій Любанскі. Сядзібны, свецкі побыт гэтага перыяду прадстаўлены ў экспазіцыі музею.

У 1986 годзе сядзібе быў нададзены статус помніка архітэктуры. Гістарычны раздзел экспазіцыі знаёміць з этапамі станаўлення і развіцця Лошыцы з X стагоддзя да савецкага часу, да 80-х гадоў XX стагоддзя.

Менавіта ў гэтым гістарычным месцы будзе экспанавацца выніковая выстаўка работ фотаконкурсу «Залатая рысь». Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ў асобе ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах»  і міжнародны фонд падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор».